top of page

Пра сябе

   У мінулым годзе, у апошнім месяцы 20015 года -- у сьнежні -- пабачыла сьвет мая чарговая кніжка -- раман "Воляй абраны". Пра каханьне слынных асобаў -- Кастуся Каліноўскага і яго нарачонай Марысі Ямант, пра паўстаньне 1863 года, якое ўзначаліў дыктатар Каліноўскі, якое пацярпела паразу, але духоўна перамагло душыцеляў волі і свабоды.

 Чытайце, мо і знойдзеце для сябе што цікавае.

                  Аўтар

 

Анатоль Бароўскі 

 

                                              (псеўданім – Антон Крушня)

 

     Я, Анатоль Мікалаевіч Бароўскі, нарадзіўся 12 траўня 1943 года ў вёсцы Зялёны Мох Ельскага раёна, што непадалёку ад вёскі Крушнікі Мазырскага раёна, дзе жыла бабуля Настазя Фіцнер, матуліна маці. Бацька, Мікалай Сямёнавіч, вучыў дзяцей у школе нават калі і пачалася вайна. Калі ж вораг дапяў да яго роднай вёскі, падаўся ў партызаны, а потым уліўся ў рады рэгулярнай арміі.

     Запісалі мяне бацькі, што я нарадзіўся ў 1942 годзе, бо маглі ўзнікнуць пытанні у ўладаў, тых жа органаў, якія строга адсочвалі факты жыцьця кожнага чалавека, чаму я нарадзіўся пасярод вайны, і дзе мог быць у гэты момант бацька.

     Вучыўся ў розных школах Магілёўшчыны і Гомельшчыны. То ў школе з расескім ухілам, то з беларускай мовай навучання. Сярэднюю школу скончыў ў вёсцы Асавец (1960) Мазырскага раёна, якая знеаходзілася за сем кіламетраў ад Крушнікаў.

     Працаваў нейкі час у калгасе, потым на Мазырскім заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў непадалёк ад сваёй вёскі – у Турбінцы.

     У 1961 годзе паступіў вучыцца ў Мазырскі педінстытут. Правучыўся да сакавіка 1962 года і позва ваенкамата паклікала ў армію. З 1962 па 1964 год служыў у Групе Савецкіх войскаў у  Нямеччыне. Вярнуўся ў Мазыр, працягваў вучыцца завочна і працаваў у Мазырскай газеце "Камуніст Палесся". Працаваў інструктарам райкама партыі, – так што пра жыццё гэтай арганізацыі ведаю не з вуснаў іншых, а сам варыўся ў той чорнай смале хлусні і падману і, як літаратар, расказваю ў сваіх творах.

     У 1968 годзе зноў паклікалі, пад прымусам ужо, служыць у войска – ужо афіцэрам, лейтэнантам, так званым "двухгадавіком", на працягу двух гадоў – у Полацку.  Лічу другім “чорным перыядам” свайго жыцця – пасля  працы ў гаркаме. Служыў начальнікам клуба без клуба.

     Пасля зноў вярнуўся ў Мазыр.

     Працаваў адказным сакратаром гарадской арганізацыі таварыства "Веды" на працягу трох гадоў.    Потым перайшоў працаваць у гаркам партыі, спадзеючыся, што на гэтай працы выдзеляць жыллё. Надзеі не спраўдзіліся. Бо Малафееў і яго памагатыя ледзьве не адправілі на той свет... (Трэці чорны перыяд жыцця). Не дабыўшы і года на гэтай пасадзе, перайшоў працаваць намеснікам дырэктара ПТВ геалогіі.

    Працуючы ў вучылішчы нафтавікоў, напісаў нарыс "На далёкай буравой" і даслаў у газету "Чырвоная змена". Нарыс заняў першае месца ў штогадовым конкурсе. Валодзя Касько, тадэшны рэдактар, запрасіў працаваць у  газету. З 1975 года – уласны карэспандэнт газеты "Чырвоная змена" па Гомельскай, а пасля і па Берасцейскай абласцях.

    Пятнаццаць гадоў працы ў гэтай газеце былі радасныя і насычаныя. “Чырвонка” адыграла сваю дадатную ролю ў станаўленні як публіцыста, так і пісьменніка. Як кампенсацыя за тое, што перад гэтым выпэцкаўся ў брудзе партыйнай работы...

     З 1990 года – сябра Саюза пісьменнікаў  СССР і БССР.

Друкавацца пачаў з 1961 года, змясціўшы першыя вершы ў раённай петрыкаўскай газеце. 

Падчас службы друкаваў свае апавяданні, вершы  і нарысы ў газетах "Чырвоная змена" і ў газеце Групы Савецкіх войскаў у Нямеччыне (ГСВГ) "Савецкая Армія".  Нарыс "Іван Нахаба" заняў другое месца ў конкурсе, які аб"явіла  вайсковая газета.

    У 1979 годзе надрукаваў  аповесць "Тросніца" у часопісе "Маладосць" №3. Рэдактарам тады быў слынны паэт Генадзь Бураўкін, які ўбачыў “нешта” ў прапанаванай аповесці і даў ёй “зялёнае святло”.

    У 1980 годзе выйшла ў свет кніга "Надзейная змена" у выдавецтве "Беларусь".

  У гэтыя гады друкую свае нарысы ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. За нарыс  "Поле Радкевічаў" (1980) стаў лаўрэатам  прэміі часопіса "Маладосць". Добрым словам мяне заўсёды падтрымліваў Сцяпан Кухараў, супрацоўнік часопіса, дапамагаў у асваенні літаратурных прыступак.

    Але найбольш з усіх пісьменнікаў, якія сталі мне і дарадцамі і сябрамі, удзячны Уладзіміру Дамашэвічу. Удзячны лёсу, што сустрэўся мне ён у маім жыцці. Яго парады і вучоба будуць для мяне самым галоўным  літаратурным універсітэтам...

    У 1982 годзе аповесць "Тросніца" выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" пад агульнай назвай "Знаёмства",  у якую былі ўключаны тры аўтары.

     Часопіс "Маладосць" надрукаваў  у 1986 годзе (№7) аповесць "Да свайго берага".

  "Цветут над Припятью сады" – пад такой назвай на расейскай мове ў сааўтарстве з Ю.Герасіменкам  у выдавецтве "Полымя" выдаў кнігу ў 1987 годзе.

    У выдавецтве "Мастацкая літаратура" у 1987 г. выйшла кніга прозы (аповесці і апавяданні) "Каліна пад акном".

    У тым жа выдавецтве ў 1994 г. выдаў кнігу прозы (аповесці і апавяданні) "Азірніся ў каханні".

 У сааўтарстве з А.Бачурынскім (дырэктарам Гомельскай ЦЭЦ-2) выдаў літаратурна-публіцыстычную кнігу "Цеплыня" – 1996 г.

    "Чорны бусел – белы цень" – кніга публіцыстыкі пра энергетыкаў гомельшчыны, якія працавалі ў чарнобыльскай зоне, – выйшла у 1997 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" і была вылучана на дзяржаўную прэмію імя К.Каліноўскага. Прэмію не атрымала.

  У выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 2002 годзе ўбачыла свет кніга фантастычна-фантасмагарычных аповесцяў і апавяданняў  "Пякельны рай».

    У першай кніжцы 2003 года часопіса “Маладосць” надрукавана аповесць “Сцеражыся майго гневу” (часопісны варыянт).

   У другім нумары часопіса “Полымя” 2003 года расказаў пра свой родны горад Мазыр – нарыс “Бурштынавы бераг Прыпяці”.

    Выдаў кнігу вершаў  "Заручуся з бліскавіцай".

   Пераклаў свой жа раман  “Искушение”на расейскую мову, выдаў у менскім выдавецтве “Асобны”.

 “Будуем заўтрашні дзень” – кніга (2008 год) публіцыстыкі пра працоўны калектыў “Белэнергабуд”, што знаходзіцца ў Менску.

   Выдаў дакументальны раман “Мы – Юницкие” пра геніяльнага вынаходніка нашага земляка Анатоля Юніцкага, акадэміка Расейскай Акадэміі навук, – нарадзіўся на Брагіншчыне Гомельскай вобласці.

   У новым варыянце выдаў працяг гэтай тэмы пра Юніцкага – “Юницкого небесные дороги».

    І ў Паўлаўскі Пасад, што непадалёк ад Масквы, завялі дарогі. Праведаў фабрыку па вырабе хустак, якую ўзначальвае Улудзімір Стулаў, і нарадзілася жаданне напісаць пра гэтае прадпрыемства, пра яе людзей і прадукцыю, якую ведаюць ва ўсіх краінах свету. Так і нарадзілася кніга "Платочной радуги узор" (2013).

  Выдаў двухтомнік прозы. У першы том увайшлі раман “Воляй абраны” (пра паўстаньне 1863-64 гадоў Кастуся Каліноўскага і “Дамова на спакусу” (раман-фантасмагорыя). Другі том – аповесці, апавяданні, прытчы, нарысы.

   Сёння выступаю ў друку як празаік, публіцыст, паэт і мастак.

  Што яшчэ?  Быў абраны  старшынёй  Гомельскай абласной грамадзкай арганізацыі  таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны і больш дваццаці гадоў быў на гэтай пасадзе; сёньня з’яўляюся  старшынёй Гомельскай абласной грамадзкай арганізацыі беларускіх пісьменнікаў – СБП.

    Акрамя гэтага...

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

                              Мае  кнігі
bottom of page