top of page

     ПРА МЯНЕ

   ... Недзе там, каля паляшуцкіх балот, дзе заліваюцца да позняй ночы салаўі, дзе ў глухіх нетрысках жывуць чорныя буслы, а на лясных палянах і выжарынах выпінаюць баравікі і рыжыкі, масьлюкі ды падабабкі, -- на ўскрайку вёскі, у крайняй хаціне, з'явіўся я 1943 годзе на сьвет...

    Гэта ў Ельскім раёне, і праз колькі дзён маці са мною падалася ў Крушнікі, якая знаходзілася непадалёк ад той мясьціны, дзе і жыла бабуля Настазя Анастасія Фёдараўна) Фіцнер -- матуліна маці. На той час крушнічане жылі на куранях, у лесе, хаваліся ад немцаў. Мне замест калыскі служыў паляшуцкі кашэль, зроблены з сасновай дранкі, і мяне вакол куранёў цягалі за вяровачку старэйшыя -- Толя Кашэвіч і Валя Зданевіч, гулялі са мной. 

    Сёння Анатоль Кашэвіч жыве ў Чырвонабярэжжы, Лельчыцкі раён, на пенсіі, заслужаны настаўнік, А Валянціна жыве ў Мазыры ў сваіх дзяцей, -- даяркай працавала на ферме...

   ... Жыцьцё як у цыганоў -- то у адным месцы бацька працуе настаўнікам, то ў другім. Занёс лёс ва Украіну -- Сіленшчына Жытомірскай вобласьці.

   Мне недзе чатыры гады.

   Слаба ўспамінаецца той час. Але памятаю, што там адвяла мяне маці ў дзіцячы садок, а сама пайшла з жанчынамі зьбіраць хмель. І слупы тыя памятаю, па якіх віўся хмель.

   Старэйшыя хлопчыкі залезлі на яблыню, каб сарваць з галіны вялікі яблык -- антонаўку. Ад галіны адарваўся яблык і ўпаў каля маіх ног. Я не ведаў, што зь ім рабіць. Падняў яго і шусьнуў ад хлопцаў, толькі мяне і бачылі. Значыць, ужо тады ў мяне былі задаткі злодзея... Толькі ці ўкраў я, а можа то хлопцы падаравалі мне той яблык, не ведаю.

       А гэта -- бабруйшчына, хутар  Даманова каля Беразіны, ніжэй па цячэньні ад Бабруйска. Малодшы брат, Міколка, на руках у маці.

   Мы жывем у Адася (Адама) -- роднага брата маці. Адась працуе лесніком. У яго сын Ян і дачка Тоня...

Але жылі ў іх нядоўга, зноў некуды павялі  дарогі -- Тажылавічы і Панкратавічы таго ж раёна...

    Бацькі пабудавалі хату ў тым жа хутары Даманова, побач з Адамам Фіцнерам.  А сама Даманоўская школа знаходзілася ў двух кіламетрах ад хутара. На фота, здаецца, выпускны сёмы клас. Не памятаю сёньня прозьвішчаў аднакласнікаў і настаўніка, на жаль.

   На парце перада мною ландышы, і ззаду кветкі. Вясна, і радасць на тварах, а што было ў мяне на душы, не прызнаюся...

      Раніцай ідзем за заняткі ў Мазырскі педінстытут. Мікола Дуда -- пасярэдзіне. Справа -- я, у белым кашнэ (было так модна), у доўгім, да пятаў, палітоне. Правучыўся толькі да сакавіка, а 8-га сакавіка, пайшоў служыць у войска. І закінуў мяне лёс у Нямеччыну. Больш двух гадоў служыў, даслужыўся да высокага званьня -- да яфрэйтара. Служба йшла нічога, шмат было і прыемных падзей, з цікавасьцю асвойваў нямецкую мову.

   І далейшая служба, калі прымусілі ісці служыць лейтэнантам, начальнікам клуба без клуба, -- была, няйначай пеклам у параўнаньні з салдацтвам. Але то асобная гісторыя...

     Мы -- жаўнеры Савецкай арміі. Сябры мае -- салдаты. Мінчанін Жора Сташкевіч (над газетай слухае ўважліва), я -- лявей за ім, з чорным блакнотам, вышэй мяне (злева, сядзіць Паддзячы, з Украіны.

   Мы робім выгляд, што ўважліва слухаем палітінфармацыю, якую праводзіць Мікола Салавей, які стане маім сябрам і будзе жыць у Менску. Не так даўно яго не стала.

  За нашымі сьпінамі, за сеткай, -- аўтапарк, там стаяць баявы грузавыя машыны.

Гэта быў недзе 1963 год... Недзе тады былі кубінскія падзеі, і ўсе нейкі час спалі ў адзенні, не распраналіся, наспяваў ваенны крызіс паміж СССР і НАТА...

     І асвойваў я азы журналістыкі. Служыў са мною хлопец з Растова Віктар Рашын. А яго забралі ў войска з першага курса ўніверсітэта журналістыкі. Калі ён надрукаваў у газеце "Советская армия" нарыс пра вучэньні і кашавара Судзейкіна, гэта была сенсацыя. Камандзір часці Бухаўко адносіўся да яго з павагай.

    Я пабачыў, як ён бярэ інтэрв'ю ў салдата, зразумеў, на якіх фактах будуецца матэрыял. І я напісаў свой, надрукаваў. Падпісваліся нават абодва пад артыкуламі, а потым узялі "развод". Сябар адпусьціў мяне ў вольнае плаваньне.

   Ён у конкурсе, што аб'явіла газета, заняў першае месца, а я за нарыс "Іван Нахаба" заняў другое месца. У нас былі пасьведчанні карэспандэнтаў газеты. І мы вольна хадзілі па другіх воінскіх падраздзяленьнях, каб узяць інтэрв'ю ў іншых.

    Помніцца, тады ішла агалцелая кампанія супраць Васіля Быкава, і нейкі капітан з газеты захацеў, каб я паставіў подпіс пад пасквілем на Быкава. Я адмовіўся. Добра, што ён не даў мой подпіс без маёй згоды -- рабілі тады такое. Не адмыўся б за вякі, і не даказаў бы, што я такога не рабіў... Дзякуй Богу, абышлося.

    Дык вось, на тым пасьведчаньні карэспандэнта газеты, я панаклейваў пазьней свае фоты, пачынаючы ад уступленьня ў камсамол; а потым студэнт, інструктар райкама і гаркама партыі ў Мазыры...

bottom of page